ЛУЖКО́ЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры ракако ў в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1744—56 з цэглы пры Лужкоўскім піярскім калегіуме па фундацыі полацкага кашталяна В.Жабы, у 1843 перабудаваны пад правасл. царкву. Аднанефавы 2-вежавы храм з акруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. 4-ярусныя чацверыковыя вежы пастаўлены вуглом да плоскасці гал. фасада, які ўвагнуты па акруглым абрысе, расчлянёны на 3 ярусы карнізнымі паясамі і крапаваны пілястрамі. Фасады прарэзаны разнастайнымі па канфігурацыі і памерах аконнымі праёмамі. Алтары былі ўпрыгожаны круглай драўлянай пазалочанай скульптурай у стылі ракако (скульптура св. Пятра захоўваецца ў Полацкім гісторыка-археал. запаведніку).

А.М.Кулагін.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)